ІV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»

Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей прымаў удзел у Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» ужо ў чацверты раз. На адным з іх мы прадстаўлялі нашу выдавецкую дзейнасць, на другім выступалі з інтэрактыўнай праграмай, двойчы прадстаўлялі экспазіцыйныя праекты.

У гэтым годзе форум праходзіў у Брэсце на працягу двух дзен, 5 і 6 кастрычніка. Горад нядаўна адзначыў свае тысячагоддзе, акрамя гэтага, у 2019 годзе Брэст з’яўляецца культурнай сталіцай СНД.
З кожным годам экспазіцыі на форуме становяцца больш маштабнымі і разнастайнымі. Яны прадстаўляюць гісторыю, народныя рамествы, нацыянальныя традыцыі, культурныя набыткі і многае іншае. Было вельмі шмат інтэрактыва, многія музеі праводзілі квэсты і майстар-класы.

Тэма форума была «Музеі: навука, інавацыі, камунікацыі», таму прысутнічала многа сучасных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў музейнай справе. Радыегіды, галаграмы, 3D акуляры, якія акунаюць наведвальніка ў віртуальную рэальнасць і іншае.

Асаблівую цікавасць выклікала дзелавая праграма форуму. Заўседы цікава і карысна паслухаць прафесіяналаў музейнай справы, даведацца аб новых падыходах і дасягненнях, пазнаеміцца з вопытам замежных спецыялістаў. Дарэчы на форуме былі навукоўцы і музейшчыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Германіі, Польшчы, Латвіі і Кітая.

Наш музей прадстаўляў экспазіцыйна-выставачны праект «Кампазітар Станіслаў Манюшка — дзеяч беларускай музычнай культуры».

Работа над ім пачалася ў 2017 годзе, калі на конкурс мясцовых ініцыятыў, які праходзіў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» музеем сумесна з Чэрвеньскай дзіцячай школай мастацтваў быў распрацаваны праект «Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі», які паспяхова рэалізаваны. Асноўнай ідэяй было захаванне музычнай спадчыны кампазітара, павышэнне турыстычнага патэнцыялу раёна. Калектывам музея была распрацавана канцэпцыя мастацкага афармлення музычнай гасцеўні, закуплена неабходнае прафесійнае асвятляльнае і гукаўзмацняльнае абсталяванне, адзенне сцэны, канцэртны раяль і інш.
Музычная гасцеўня Станіслава Манюшкі была ўрачыста адкрыта 27 лістапада 2017 года. На мерапрыемстве прысутнічалі глава прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза і прадстаўнік ПРААН у Рэспубліцы Беларусь, дыпламаты з Велікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Нідэрландаў, а таксама прадстаўнікі СМІ, шматлікіх турыстычных фірм, грамадскасць.

Наступным этапам у рабоце над праектам слала стварэнне пастаяннай экспазіцыі. У лютым 2018 года ДУ «Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей» стаў пераможцам абласнога конкурсу «Творчы алімп Міншчыны» ў намінацыі «Музейная справа» і атрымаў грант. На працягу года старэйшым навуковым супрацоўнікам Ірынай Вабішчэвіч, навуковым супрацаўнікам Ірынай Серадой, галоўным захавальнікам Галінай Кузьміной, мастаком Аляксандрай Зубрыцкай вялася работа па падбру экспанатаў, мастацкаму рашэнню і распрацоўцы эскізаў будучай экспазіцыі, распрацоўцы яе канцэпцыі і г.д. Была закуплена новая мэбля, аформлены тэматычныя дыярамы.

Адкрыцце пастаяннай экспазіцыі «Кампазітар Станіслаў Манюшка — дзеяч беларускай музычнай культуры» прайшло 2 мая 2019 года, напярэдадні святкавання 200-гадовага юбілею славутага земляка.

З гэтым праектам мы і выступалі на форуме ў Брэсце. Наведвальнікі нашай экспазіцыі маглі не проста пазнаеміцца з гісторыяй жыцця і творчасці кампазітара, але і прысесці ў імправізаванай, утульнай музычнай гасцеўні і паслухаць яго выдатную музыку ў выкананні дырэктара Чэрвеньскай музычнай школы мастацтваў Галіны Прышывалка, нашага даўняга і надзейнага сябра і партнера.

Паект нашага музея быў высока ацэнены прафесійным журы і атрымаў дыплом І ступені ІV Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі».

Дыпломам за ўдзел у ІV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» наш музей быў адзначаны таксама за агульны праект музеяў Мінскай вобласці «Гісторыя і памяць малой радзімы». Гэта музейны альбом фотаздымкаў і паштовак канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў з фондаў дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці. У раздзелах «Шматграннасць жыцця» і «Твары часу» прадстаўлены фотаздымкі і з фондаў Чэрвеньскага краязнаўчага музея.

253