
Каляндар вызвалення Чэрвеншчыны 2 ліпеня 1944 года часці 110-й стралковай дывізіі 50-й арміі і 348-й стралковай дывізіі 3-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі г.Чэрвень. На тэрыторыі раёна адбываліся жорсткія баі.
Раніцай 2 ліпеня палкі 348-й дывізіі ўварваліся ў горад: 1170-ы стралковы полк – з усходу, 1174-ы – з паўднёвага захаду, 1172-і з поўдня. 3-ці батальён прыняў бой і першым уварваўся ў Чэрвень. У вулічным баі салдаты батальёна адбілі некалькі варожых контратак, знішчылі дзесяткі гітлераўцаў.
У двухгадзінным баі за Чэрвень удзельнічалі і воіны 110-й стралковай дывізіі.
Вялікую дапамогу ў вызваленні Чэрвеньскага раёна савецкім воінам аказвалі партызаны.
Былы камандзір 1174 стралковага палка 348-й стралковай дывізіі І.І.Далматаў расказваў у сваіх успамінах аб сустрэчы воінаў палка з партызанамі атрадаў імя Жукава, імя Будзённага і імя Калініна. Камбаты дывізіі і камандзіры атрадаў сабраліся ў штабной зямлянцы каб разам абмеркаваць дэталі аперацыі па вызваленню г.Чэрвеня.
Актыўна ўдзельнічалі ў вызваленні і іншыя партызанскія брыгады. 1-я Мінская брыгада перадала дасканалыя і падрабязныя звесткі аб умацаваннях праціўніка, трымала пад сваім кантролем вялікія ўчасткі шашы Бабруйск – Мінск, Беразіно – Чэрвень, амаль усе грунтовыя дарогі на тэрыторыі раёна, вялі баі з гітлераўцамі каля вёсак Пахар, Гай, Знамя Свабоды і інш.
Партызаны брыгады “Чырвоны Сцяг”, злучыўшыся з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі, пачалі дзейнічаць разам. У выніку актыўных сумесных дзеянняў шаша Мінск – Магілёў на ўчастку Стары Пруд – Калодзежы была поўнасцю ачышчана ад немцаў.
Добра ведаючы мясцовасць, камандзіры партызанскіх атрадаў унеслі карысныя папраўкі ў план дзеянняў.
Вызваляючы раённы цэнтр, загінулі і былі паранены 130 савецкіх воінаў і партызан.